|
20 снежня 2011 г.
Першым учарашнім заклікам была ранішняя акцыя перад беларускай амбасадай у Празе за вызваленне Алеся Бяляцкага і астатніх беларускіх палітычных вязняў. Пасля яе адбылося інсцэнаванае затрыманне студэнтаў у Карлавым універсітэце і флэшмоб у цэнтры Прагі. Акцыі ў дзень гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ладзілі няўрадавыя арганізацыі “Чалавек у нядолі”, NESEHNUTÍ, Amnesty International Чэхія і “Грамадзянская Беларусь” супольна з беларускай дыяспарай у Чэхіі.
“На жаль, апошні год прынёс узмацненне рэпрэсіяў і гвалту ў Беларусі. Менавіта таму мы хочам выказаць сваю падтрымку ўсім грамадзянам Беларусі, якія пастаянна змагаюцца за паляпшэнне сітуацыі ў сваёй краіне. Сёння раніцай мы перадалі беларускай амбасадзе ў Празе заклік да вызвалення Алеся Бяляцкага”, – кажа Катэржына Шпацава з аб’яднання “Грамадзянская Беларусь”.


Да закліку да вызвалення палітычных вязняў у Беларусі далучыліся і студэнты Карлавага універсітэта ў Празе, зладзіўшы сімуляцыю затрымання студэнтаў у сценах факультэта сацыяльных навук. Інсцэнацыя прайшла ўчора ў другой палове дня, яе мэтай было пазнаёміць студэнтаў чэшскага універсітэта з сітуацыяй беларускіх студэнтаў, якія могуць трапіць у турму за свае погляды. Акцыю арганізавала пражская універсітэцкая група Amnesty International.

Увечары ў цэнтры Прагі прайшоў флэшмоб, які прыгадаў летнія “маўклівыя пратэсты”. Удзел прыняло 100 чалавек. Па словах Ліды Вацкавай з арганізацыі “Чалавек у нядолі”, “акрамя удзелу ў акцыі, чэшскае грамадства выказала сваю падтрымку і адпраўкай паштовак беларускім палітычным вязням, а дзесяткі людзей падпісалі петыцыю за вызваленне палітычных вязняў і ўвядзенне мараторыю на смяротнае пакаранне”.


 |